Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 3 человека

МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

Дата: 6 октября 2022 в 12:04, Обновлено 11 января в 16:10

Смотреть весь документ

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Намеснік Міністра адукацыі

Рэспублікі Беларусь

_____________А.У.Кадлубай

21.08.2023

МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ

па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1. Мэтай дадзеных Метадычных рэкамендацый па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (далей – Метадычныя рэкамендацыі), з’яўляецца ажыццяўленне адзінага падыходу ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі (далей – установы адукацыі), да фарміравання культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў.

2. Метадычныя рэкамендацыі накіраваны на ўзгодненую дзейнасць педагагічных работнікаў па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення пры рэалізацыі вучэбных праграм па вучэбных прадметах, вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, правядзенні стымулюючых, падтрымліваючых заняткаў, кансультацый (далей – дадатковыя заняткі), адукацыйных і выхаваўчых мерапрыемстваў (алiмпiяды, канферэнцыі, конкурсы, фестывалі, злёты, выставы, экспедыцыі, іншыя мерапрыемствы), праверцы навучальных, кантрольных і экзаменацыйных работ, выкананых у пісьмовай форме.

3. Метадычныя рэкамендацыі вызначаюць сістэму арганізацыйных мер, якія садзейнічаюць фарміраванню культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў.

4. Камунiкатыўныя ўменні і навыкі вучняў развіваюцца пры вывучэнні вучэбных прадметаў, а таксама пры правядзенні дадатковых заняткаў, адукацыйных і выхаваўчых мерапрыемстваў.

5. Пры ажыццяўленні педагагічнымі работнікамі адукацыйнай дзейнасці рэкамендуецца:

праводзiць сiстэматычную работу па ўзбагачэннi слоўнiкавага запасу вучняў, азнаямленні з тэрмiналагічнай лексікай, звяртаць увагу на сферу ўжывання таго ці іншага тэрміна;

надаваць увагу на вучэбных і дадатковых занятках паўнавартаснаму ўспрыманню вучнямі вучэбнага тэксту i слова настаўніка – асноўных крынiц вучэбнай iнфармацыi, узораў правiльна аформленага маўлення;

выкарыстоўваць выразнае чытанне ўголас як адзiн з прыёмаў фармiравання культуры вуснага маўлення, як сродак эмацыянальнага i асобаснага асэнсавання тэксту;

выкарыстоўваць прыёмы сэнсавага чытання як сродку фарміравання чытацкай пісьменнасці;

вучыць працаваць з кнiгай, электроннымі і іншымі сродкамі навучання, карыстацца даведачнай лiтаратурай, каталогамi i картатэкамі, падбiраць крыніцы інфармацыі па пэўнай тэме, правiльна афармляць вынiкi самастойнай работы з крыніцамі інфармацыі (мэтазгодна выкарыстоўваць цытатны матэрыял, складаць тэзiсы, канспекты, спiсы лiтаратуры i г. д.);

фармiраваць у вучняў уменні складаць і аналізаваць табліцы, дыяграмы, схемы, вучыць апісваць, характарызаваць, параўноўваць, аналiзаваць вучэбны матэрыял, весці дыялог, дыскусію, прыводзiць неабходныя доказы, рабiць высновы і падагульненнi;

павышаць культуру вуснага маўлення вучняў, тактоўна выпраўляць памылкi ў адпаведнасцi з нормамi літаратурнай мовы;

рабіць разборлiвым почыркам усе вiды запiсаў на класнай дошцы, у класным журнале, у дзённiках і сшытках вучняў з мэтай фарміравання ў вучняў навыкаў акуратнага іх вядзення і афармлення запiсаў;

прытрымлiвацца ўзору афармлення надпісу на вокладцы сшытка згодна з дадаткам 1 да Метадычных рэкамендацый.

Рэкамендуецца праводзiць пасяджэннi вучэбна-метадычных аб’яднанняў, педагагічнага савета, у тэматыку якіх уключаць пытанні культуры вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, а таксама арганiзоўваць абмен вопытам педагагічных работнікаў у дадзеным напрамку.

ГЛАВА 2

НАВУЧАЛЬНЫЯ І КАНТРОЛЬНЫЯ РАБОТЫ, ЯКІЯ ВЫКОНВАЮЦЦА Ў ПІСЬМОВАЙ ФОРМЕ

6. Асноўнымi вiдамi работ вучняў на вучэбных занятках ва ўстанове адукацыі і дома з’яўляюцца навучальныя работы, якія выконваюцца ў пісьмовай форме (далей – навучальныя работы).

Да іх адносяцца:

на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі:

практыкаванні і заданні розных відаў, дыктанты (слоўнікавы, выбарачны, папераджальны, тлумачальны, вольны, творчы і іншыя), спісванне, пераклад, пераказ, сачыненне, тэставыя работы па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці», «Матэматыка»;

напісанне літар алфавіта, імя ўласнага і прозвішча, даты, адраса, слоў, сказаў, тэкстаў з апорай на ўзор, віншавальнай паштоўкі па вучэбным прадмеце «Замежная мова», а пры вывучэнні кітайскай мовы – напісанне транскрыпцыйных знакаў напаўдрукаваным шрыфтам, слоў і сказаў у транскрыпцыі з апорай на ўзор, найпрасцейшых элементаў іерогліфаў (рыс) і іерогліфаў з апорай на ўзор, рыс у правільным парадку;

на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі:

практыкаванні і заданні розных відаў, тэставыя, творчыя, лабараторныя і практычныя работы (вопыты) па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе»;

дыктанты (слоўнікавы, выбарачны, папераджальны, тлумачальны, вольны, творчы і іншыя), пераклады, пераказы, сачыненні па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» (для невідушчых вучняў замест сачыненняў-апісанняў па карціне, фотаздымку настаўнік можа прапанаваць альтэрнатыўныя тэмы сачынення-апісання з улікам магчымасцей навучэнцаў названай катэгорыі (напрыклад, апісанне прыроды, сваёй кватэры, дома, знаёмага чалавека і іншае));

сачыненні і іншыя творчыя работы па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Русская литература», «Лiтаратура нацыянальнай меншасці»;

напісанне віншаванняў, запрашэнняў, асабістых лістоў, нескладаных дзелавых лістоў (ліста-падзякі, ліста-адказу, ліста-запыту інфармацыі), звестак анкеты, кароткай аўтабіяграфіі, кароткага зместу (рэзюмэ) праслуханага (прачытанага) ці ўбачанага, а пры вывучэнні кітайскай мовы дадаткова напісанне нескладаных відаў тэкстаў з дапамогай транскрыпцыйных знакаў, іерогліфаў; сказаў і тэкстаў іерогліфамі; ключавых элементаў іерогліфаў (графем);

дыктанты (лічбавыя, графічныя і іншыя), задачы па вучэбных прадметах «Матэматыка», «Фізіка», «Астраномія», «Хімія», «Біялогія», «Геаграфія»;

пісьмовыя адказы на пытанні, змешчаныя ў падручніках, вучэбных дапаможніках, дыдактычных матэрыялах па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя вучэбных прадметаў «Замежная мова», «Фізічная культура і здароўе»;

складанне планаў-канспектаў, канспектаў, апорных схем, табліц, дыяграм, алгарытмаў па ўсіх вучэбных прадметах, акрамя вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе»;

заданні з выкарыстаннем насценных і контурных карт, атласаў, рухомай карты зорнага неба і іншых па вучэбных прадметах «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі», «Чалавек і свет», «Геаграфія», «Астраномія».

7. Колькасць пераказаў, сачыненняў, якія праводзяцца на працягу адных вучэбных заняткаў, аб’ём тэкстаў для пераказаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» ў II–IV класах вызначаюцца згодна з дадаткам 2 да Метадычных рэкамендацый.

Віды работ па развіцці звязнага вуснага і пісьмовага маўлення вучняў IIV класаў вызначаюцца зместам вучэбных праграм па адпаведных вучэбных прадметах і носяць навучальны характар. Адзнакі за пераказы і сачыненні выстаўляюцца ў класны журнал вучням III –IV класаў па меркаванні настаўніка.

У першым паўгоддзі ў V класе па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» праводзяцца толькі навучальныя пераказы.

8. На вучэбных занятках ва ўстанове адукацыі выконваюцца кантрольныя работы па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Русский язык», «Русская литература», «Мова нацыянальнай меншасці», «Матэматыка», «Фізіка», «Астраномія», «Хімія», «Біялогія». Кантрольныя работы па вучэбным прадмеце «Інфарматыка» ўключаюць тэарэтычныя пытанні, адказы на якія даюцца ў пісьмовай форме, і практычныя заданні, якія выконваюцца на камп’ютары.

Колькасць кантрольных работ на працягу навучальнага года на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці», «Матэматыка» і іх віды, а таксама праверка навыку чытання, сфарміраванасці чытацкіх уменняў па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура (літаратурнае чытанне)», «Русская литература (литературное чтение)», «Літаратура нацыянальнай меншасці» і навыкаў вуснага лічэння па вучэбным прадмеце «Матэматыка» вызначаюцца згодна з дадаткам 3 да Метадычных рэкамендацый.

Колькасць кантрольных работ на працягу навучальнага года на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Русский язык», «Русская литература», «Мова нацыянальнай меншасці» і іх віды, а таксама колькасць кантрольных работ па вучэбных прадметах «Матэматыка», «Інфарматыка», «Фізіка», «Астраномія», «Хімія» і «Біялогія» вызначаюцца згодна з дадаткам 4 да Метадычных рэкамендацый.

Аб’ём тэкстаў кантрольных дыктантаў, пераказаў, сачыненняў, а таксама аб’ём слоўнікавых дыктантаў вызначаюцца згодна з дадаткам 5 да дадзеных Метадычных рэкамендацый (аб’ём навучальных сачыненняў вызначаецца настаўнікам з улікам дыдактычнай задачы, жанру, тэматыкі сачынення, асаблівасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу ў канкрэтным класе і наяўнасці вучэбнага часу). Колькасць відаў арфаграм і пунктаграм у тэкстах кантрольных дыктантаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» вызначаецца згодна з дадаткам 6 да Метадычных рэкамендацый.

Да канца першай чвэрці, а ў V класе на працягу І паўгоддзя захоўваецца аб’ём тэксту, рэкамендаваны для папярэдняга класа.

У вячэрніх класах сумарная колькасць кантрольных работ па вучэбным прадмеце, прадугледжаных на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, раўнамерна размяркоўваецца на ўсе гады навучання.

9. Кантрольныя работы ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, павінны праводзіцца ў адпаведнасці з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі.

ГЛАВА 3

КОЛЬКАСЦЬ І ПРЫЗНАЧЭННЕ ВУЧНЁЎСКІХ СШЫТКАЎ

10. Пры ажыццяўленні ўстановамі адукацыі навучання і выхавання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі:

10.1. навучальныя і кантрольныя работы па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Матэматыка» вучні I класа выконваюць у адпаведных сшытках на друкаванай аснове;

10.2. для выканання навучальных работ па вучэбным прадмеце «Выяўленчае мастацтва» выкарыстоўваецца альбом для малявання з чыстымі лістамі або набор лістоў для малявання;

10.3. для выканання навучальных і кантрольных работ вучням II–IV класаў рэкамендуецца мець наступную колькасць сшыткаў:

па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці», «Матэматыка» – 3 сшыткі (2 сшыткі для навучальных работ і 1 сшытак для кантрольных работ). У II класе па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» выкарыстоўваюцца сшыткі з разліноўкай у вузкую лінейку (без нахіленай лініі), пачынаючы з ІІІ класа – сшыткі з разліноўкай у шырокую лінейку;

па вучэбных прадметах «Чалавек i свет», «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» – 1 сшытак для навучальных работ па меркаванні настаўніка;

па вучэбным прадмеце «Замежная мова» – 2 сшыткі для навучальных работ; сшытак для запісу замежных слоў – па меркаванні настаўніка;

па вучэбным прадмеце «Музыка» – нотны сшытак.

11. Пры ажыццяўленні ўстановамі адукацыі навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі для выканання навучальных і кантрольных работ вучням рэкамендуецца мець наступную колькасць сшыткаў:

па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» – 3 сшыткі (2 сшыткі для навучальных работ і 1 сшытак для кантрольных работ);

па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Русская литература» 1 сшытак для навучальных работ  у VVIIІ класах; 2 сшыткі (1 сшытак для навучальных работ, 1 сшытак для кантрольных работ) – у ІХ–ХІ (XII) класах;

па вучэбным прадмеце «Літаратура нацыянальнай меншасці» – 1 сшытак для навучальных работ;

па вучэбным прадмеце «Замежная мова» – 2 сшыткі для навучальных работ; па меркаванні настаўніка дадаткова можна выкарыстоўваць сшытак для запісу замежных слоў. Сшытак для запісу замежных слоў для вучняў XXI (XII) класаў выкарыстоўваецца па іх жаданні;

па вучэбным прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» – альбом або набор лістоў для малявання, 1 сшытак для навучальных работ;

па вучэбным прадмеце «Матэматыка» – 3 сшыткі (2 сшыткі для навучальных работ і 1 сшытак для кантрольных работ);

па вучэбных прадметах «Інфарматыка», «Астраномія» – 2 сшыткі (1 сшытак для навучальных работ і 1 сшытак для кантрольных работ);

па вучэбных прадметах «Чалавек і свет», «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі», «Грамадазнаўства», «Працоўнае навучанне» – 1 сшытак для навучальных работ;

па вучэбным прадмеце «Чарчэнне» – 1 сшытак для навучальных работ, набор лістоў для чарчэння;

па вучэбным прадмеце «Фізіка»  3 сшыткі (1 сшытак для навучальных работ, 1 сшытак для лабараторных работ і 1 сшытак для кантрольных работ);

па вучэбным прадмеце «Біялогія»  3 сшыткі (1 сшытак для навучальных работ, 1 сшытак для лабараторных і практычных работ, 1 сшытак для кантрольных работ);

па вучэбным прадмеце «Хімія» – 3 сшыткі (1 сшытак для навучальных работ, 1 сшытак для практычных работ і 1 сшытак для кантрольных работ);

па вучэбным прадмеце «Геаграфія» – 2 сшыткі (1 сшытак для навучальных работ і 1 сшытак для практычных работ);

па вучэбных прадметах «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», «Асновы бяспекі жыццядзейнасці»  1 сшытак для навучальных работ па меркаванні настаўніка.

12. У сшытках для кантрольных работ выконваюцца толькі кантрольныя работы, колькасць якіх вызначана ў дадатках 3, 4 да Метадычных рэкамендацый. У сшытках для навучальных работ выконваюцца іншыя работы, якія праводзяцца ў межах паўрочнага і тэматычнага кантролю (класныя, дамашнія, самастойныя і іншыя работы), у тым ліку навучальныя работы, вызначаныя ў дадатку 4.

Па вучэбным прадмеце «Геаграфія» работы, якія праводзяцца ў рамках тэматычнага кантролю, выконваюцца ў сшытках для практычных работ.

13. Дапускаецца выкарыстоўваць для навучальных, практычных, лабараторных работ сшыткі на друкаванай аснове, якія маюць адпаведны грыф. Выкарыстанне сшыткаў на друкаванай аснове з’яўляецца неабавязковым.

14. Сшыткі для лабараторных работ па вучэбным прадмеце «Фізіка», сшыткі для практычных работ па вучэбных прадметах «Хімія» і «Геаграфія», сшытак для лабараторных і практычных работ па вучэбным прадмеце «Біялогія» захоўваюцца ва ўстанове адукацыі на працягу навучальнага года і выдаюцца вучням для выканання адпаведных работ.

15. Кантрольныя работы па вучэбным прадмеце «Інфарматыка» афармляюцца на электронным (практычныя заданні) і папяровым (тэарэтычныя пытанні) носьбіце.

16. Сшыткі для кантрольных работ на працягу навучальнага года выдаюцца вучням на вучэбных занятках для выканання адпаведных работ і работ над памылкамі і захоўваюцца ва ўстанове адукацыі да пачатку наступнага навучальнага года.

ГЛАВА 4

АФАРМЛЕННЕ I ВЯДЗЕННЕ СШЫТКАЎ, АФАРМЛЕННЕ ЭКЗАМЕНАЦЫЙНЫХ РАБОТ

17. Пры афармленні надпiсу на вокладцы сшытка ўказваецца, для чаго прызначаецца сшытак (для работ па беларускай мове, для кантрольных работ па матэматыцы, для практычных работ па хіміі, для практычных і лабараторных работ па біялогіі, для лабараторных работ па фізіцы i, адпаведна, па іншых вучэбных прадметах), клас (выкарыстоўваюцца арабскія або рымскія лічбы), скарочанае найменне ўстановы адукацыі ў адпаведнасці са статутам гэтай установы адукацыі, прозвiшча і ўласнае iмя вучня ў родным склоне.

18. Пры афармленні надпісу на вокладцы сшытка дапускаецца рабіць запіс аб прызначэнні сшытка і найменні ўстановы адукацыі ў два радкі.

19. У І і ІІ класах надпіс на вокладцы сшытка афармляецца настаўнікам, у ІІІ і ІV класах – вучнем пад кiраўнiцтвам настаўніка, у V–ХІ (XII) класах – вучнем згодна з дадаткам 1 да Метадычных рэкамендацый. Памылкі, дапушчаныя вучнямі, выпраўляюцца настаўнікам ручкай з пастай чырвонага колеру.

20. Пры выкананні розных відаў работ вучні павінны захоўваць чырвоны радок, пісаць ад самага пачатку і да самага канца радка, пры неабходнасці падзяляючы словы для пераносу. Усе запiсы ў сшытках робяцца ручкай з пастай сіняга або фіялетавага колеру (па рашэнні ўстановы адукацыі) акуратна, разборлiвым почыркам, выпраўленні памылковага напісання на правільнае выконваюцца без выкарыстання карэктара.

Падкрэслiванне членаў сказа, выдзяленне марфем у слове, умоўныя абазначэннi, чарцяжы, схемы, графікі, табліцы, дыяграмы, малюнкі выконваюцца акуратна алоўкам (пры неабходнасці каляровымі алоўкамі, акрамя чырвонага) або ручкай, пры неабходнасці – з прымяненнем лiнейкi i цыркуля. Па вучэбным прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» у сшытках для навучальных работ вучні могуць выкарыстоўваць таксама ручкі з пастай рознага колеру, акрамя чырвонага. Не дапускаецца выкарыстанне ў сшытках аплiкацый, якія не выконваюць дыдактычных функцый, фламастараў і карэктараў.

21. Па вучэбных прадметах «Матэматыка», «Фізіка», «Астраномія» ў сшытках для кантрольных работ пры пабудове геаметрычных фігур, графікаў функцый, выкананні малюнкаў, табліц, графікаў і схем вучні могуць выкарыстоўваць каляровыя алоўкі, акрамя чырвонага.

22. Са знешняга боку старонкі ўсіх відаў сшыткаў адводзяцца палі (у выпадку іх адсутнасці).

Прыкладныя правілы афармлення запісаў у сшытках прыведзены ў дадатку 9. Настаўнік мае права самастойна ўстанаўліваць правілы афармлення запісаў у сшытках.

23. Экзаменацыйныя работы па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Матэматыка» па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі выконваюцца на падвойных лістах паперы з адбіткам штампа ўстановы адукацыі, якія ўкладваюцца адзін у адзін.

На адбітку штампа ўстановы адукацыі запісваецца дата правядзення выпускнога экзамену. Напрыклад: 1 чэрвеня 2023 г.

Пасля адбітка штампа ўстановы адукацыі прапускаюцца два радкі (дзве лінейкі) на лістах паперы з разліноўкай у лінейку, чатыры радкі (чатыры клеткі) на лістах паперы з разліноўкай у клетку і пасярэдзіне радка робіцца адпаведны запіс.

Тытульны ліст экзаменацыйнай работы па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі афармляецца згодна з дадаткам 7 да Метадычных рэкамендацый.

Па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык» на другой старонцы пасярэдзіне першага радка пiшацца назва пераказу, па вучэбным прадмеце «Матэматыка» – нумар варыянта.

Пры абазначэнні нумара варыянта можна выкарыстоўваць як арабскія, так і рымскія лічбы (Варыянт 2 або Варыянт ІІ).

Заданні экзаменацыйнай работы па вучэбным прадмеце «Матэматыка» не перапісваюцца.

24. Экзаменацыйныя работы вучняў пасля праверкі і выстаўлення адзнакі ў балах падпiсваюцца старшынёй і членамі экзаменацыйнай камiсii згодна з дадаткам 7 да Метадычных рэкамендацый.

V. ПРАВЕРКА НАВУЧАЛЬНЫХ, КАНТРОЛЬНЫХ, ЭКЗАМЕНАЦЫЙНЫХ РАБОТ І правядзенне РАБОТы НАД ПАМЫЛКАМІ

25. Па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці», «Матэматыка» правяраюцца:

кожная навучальная работа ў сшытках для навучальных работ да наступных вучэбных заняткаў ва ўсiх вучняў І–ІV класаў;

у вучняў V–ХІ (XII) класаў навучальныя работы, вызначаныя ў дадатку 4, правяраюцца абавязкова; іншыя навучальныя работы – на выбар настаўніка;

не менш чым адзiн раз на тыдзень ва ўсiх вучняў VVІІ класаў;

не менш чым адзiн раз на два тыдні ва ўсiх вучняў VІІІ–ІХ класаў,

не менш чым адзiн раз на месяц ва ўсiх вучняў Х–ХІ (XII) класаў пры вывучэнні прадмета на базавым узроўні;

не менш чым адзiн раз на два тыдні ва ўсiх вучняў Х–ХІ (XII) класаў пры вывучэнні прадмета на павышаным узроўні.

26. Па вучэбным прадмеце «Замежная мова» ў сшытку для навучальных работ правяраюцца:

кожная навучальная работа ў вучняў ІІІ–VІІ класаў да наступных вучэбных заняткаў;

найбольш значныя (на выбар настаўніка) навучальныя работы ў вучняў VІІІ–ХІ (XII) класаў, але з такiм разлiкам, каб адзiн раз на тыдзень адпаведныя навучальныя работы правяралiся ва ўсіх вучняў VІІІ і ІХ класаў, адзiн раз на два тыдні – ва ўсіх вучняў Х–ХІ (XII) класаў пры вывучэнні на базавым узроўні, адзін раз на тыдзень – ва ўсіх вучняў Х–ХІ (XII) класаў пры вывучэнні на павышаным узроўні.

27. Па вучэбным прадмеце «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» найбольш значныя (на выбар настаўніка) навучальныя работы правяраюцца ў кожнага вучня не радзей за адзін раз у чвэрць.

28. Па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Русская литература» навучальныя работы, вызначаныя ў дадатку 4, правяраюцца абавязкова, іншыя навучальныя работы (на выбар настаўніка) правяраюцца ў кожнага вучня не радзей як адзін раз у месяц.

Па вучэбных прадметах «Чалавек і свет», «Сусветная гісторыя», «Гісторыя Беларусі», «Грамадазнаўства», «Фізіка», «Астраномія», «Хімія», «Біялогія», «Геаграфія», «Інфарматыка», «Літаратура нацыянальнай меншасці» найбольш значныя (на выбар настаўніка) навучальныя работы правяраюцца ў кожнага вучня не радзей як адзін раз у месяц.

29. Адзнакі за выкананне вучнямі ІІІ–ХІ (XII) класаў навучальных работ, выстаўленыя ў сшытках для навучальных работ па адпаведным вучэбным прадмеце, па меркаванні настаўніка могуць заносіцца ў класны журнал і дзённік вучня.

30. Па вучэбным прадмеце «Фізіка» лабараторныя работы правяраюцца ў кожнага вучня да наступных вучэбных заняткаў. Адзнакі за лабараторныя работы, выстаўленыя ў сшытках для лабараторных работ, заносяцца ў класны журнал і дзённік вучня.

Па вучэбным прадмеце «Хімія» практычныя работы правяраюцца ў кожнага вучня да наступных вучэбных заняткаў. Адзнакі, выстаўленыя ў сшытках для практычных работ, заносяцца ў класны журнал і дзённік вучня.

Па вучэбным прадмеце «Біялогія»:

практычныя работы правяраюцца ў кожнага вучня да наступных вучэбных заняткаў. Адзнакі за практычныя работы, выстаўленыя ў сшытках для лабараторных і практычных работ, заносяцца ў класны журнал і дзённік вучня;

адзнакі за справаздачы па выніках экскурсій выстаўляюцца ў класны журнал і дзённікі вучняў па меркаванні настаўніка;

адзнакі за лабараторныя работы не выстаўляюцца.

Па вучэбным прадмеце «Геаграфія» практычныя работы правяраюцца да наступных вучэбных заняткаў у кожнага вучня. Адзнакі за практычныя работы (пазначаныя зорачкай у вучэбнай праграме), выстаўленыя ў контурных картах, сшытках для практычных работ вучняў, заносяцца ў класны журнал і дзённік вучня; адзнакі за іншыя практычныя работы заносяцца ў класны журнал і дзённік вучня па меркаванні настаўніка.

31. Кантрольныя работы правяраюцца ў кожнага вучня I–ХІ (XII) класаў. Па выніках праверкі кантрольных работ вучням III–ХІ (XII) класаў выстаўляюцца адзнакі ў сшытках для кантрольных работ па адпаведных вучэбных прадметах. Адзнакі, выстаўленыя па выніках кантрольных работ, заносяцца ў класны журнал і дзённік вучня.

За кантрольныя пераказы і сачыненні па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» вучням выстаўляюцца дзве адзнакі: першая – за змест, другая – за пісьменнасць.

За кантрольныя сачыненні па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Русская литература» вучням выстаўляюцца дзве адзнакі: першая  за змест з улікам зместавых і маўленчых памылак, другая  за пісьменнасць. Адзнакі, выстаўленыя па выніках кантрольнага сачынення, заносяцца ў класны журнал (першая – на старонку журнала па літаратуры, другая – на старонку журнала па мове) і дзённік вучня.

Праверка кантрольных работ, як правіла, ажыццяўляецца да наступных вучэбных заняткаў па адпаведным вучэбным прадмеце. Дапускаецца ажыццяўляць праверку кантрольных сачыненняў, пераказаў і іншых творчых работ па мовах і літаратурах у V–VІІІ класах на працягу тыдня, у ІХ класе – на працягу дзесяці дзён, у Х–ХІ (ХІІ) класах –на працягу двух тыдняў пасля правядзення адпаведнай творчай работы.

32. Па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Русский язык», «Русская литература», «Мова нацыянальнай меншасці» ў кантрольных работах настаўнік адзначае і выпраўляе дапушчаныя вучнямi памылкі наступным чынам.

Няправiльна напiсаную (напісаны):

лiтару або знак прыпынку закрэслівае наўскос, падкрэслівае адной лініяй;

лiчбу закрэслівае наўскос;

частку слова, слова закрэслівае тонкай гарызантальнай лiнiяй;

памылкі ў змесце i маўленчыя памылкі падкрэслiвае хвалiстай лiнiяй;

замест закрэсленага запісвае ўверсе правільны варыянт (патрэбныя лічбы, літары, знакі прыпынку, словы).

Выпраўленыя памылкі адзначаюцца на палях сшытка наступнымі ўмоўнымі знакамі:

у II–IV класах – – арфаграфiчная; – пунктуацыйная; (н)– нягрубая арфаграфiчная; (н)– нягрубая пунктуацыйная; З (С) – памылка ў змесце (в содержании); М (Р) – маўленчая (речевая);

у V–ХІ (XII) класах –  арфаграфiчная; – пунктуацыйная; Г – граматычная; З (С) – памылка ў змесце (в содержании); М (Р) – маўленчая (речевая); а (о) – аднатыпная (однотипная); н – нягрубая: I (а) (I (о)), I (н), V (н).

Дапушчаныя вучнямi памылкі на прымяненне правілаў, якiя яшчэ не вывучалiся, настаўнік падкрэслівае, выпраўляе, але на палях сшытка не адзначае.

У V–ХІ (XII) класах пры праверцы дыктанта пасля тэксту (у пачатку наступнага радка) дробам указваецца колькасць арфаграфiчных памылак (лiчнiк) i пунктуацыйных памылак (назоўнiк).

Напрыклад:

I / V 

2/1

Пры праверцы творчых работ (пераказаў, сачыненняў, перакладаў і іншых), якiя разлiчаны на адны або двое вучэбных заняткаў, пасля тэксту (у пачатку наступнага радка) настаўнік запісвае дробам у лічніку колькасць памылак у змесце i маўленчых памылак, а ў назоўнiку ўказвае колькасць арфаграфiчных, пунктуацыйных i граматычных памылак.

Напрыклад:

З – М

 

2-2

I – V – Г

 

2-2-1

Калі вучнямі дапушчаны выпраўленні на месцы арфаграм і пунктаграм, якія ўплываюць на выстаўленне адзнакі за пісьмовую работу, па меркаванні настаўніка наяўнасць выпраўленняў можна адзначаць пасля падліку памылак. У гэтым выпадку запіс можна аформіць наступным чынам:

1/0

2 выпр. (І) 

1-0

3-0-2

2 выпр. (V)

Па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык», «Мова нацыянальнай меншасці» ў навучальных работах настаўнік адзначае і выпраўляе дапушчаныя вучнямi памылкі такім жа чынам.

Па вучэбных прадметах «Беларуская літаратура», «Русская литература», «Літаратура нацыянальнай меншасці» ў навучальных работах настаўнік такім жа чынам выпраўляе ўсе дапушчаныя вучнямi памылкі, але пры гэтым арфаграфічныя, пунктуацыйныя і граматычныя памылкі не выносяцца на палі і не ўлічваюцца пры выстаўленні адзнакі.

Пры праверцы экзаменацыйных работ вучняў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Русский язык» дапушчаныя вучнямi памылкі адзначаюцца, выпраўляюцца і фіксуюцца такім жа чынам, як і пры праверцы дыктанта, творчых работ (за выключэннем работ цэнтралізаванага экзамену).

33. У навучальных работах, якія правяраюцца, і кантрольных работах па іншых вучэбных прадметах настаўнік закрэслівае, падкрэслiвае памылкі, у тым ліку арфаграфічныя, пунктуацыйныя, надпісвае правільны варыянт. Такім жа чынам выпраўляюцца дапушчаныя вучнямi памылкі пры праверцы экзаменацыйных работ вучняў па завяршэнні навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце «Матэматыка». Пры гэтым арфаграфічныя, пунктуацыйныя памылкі не ўлічваюцца пры выстаўленні адзнакі.

34. У сшытках для навучальных і кантрольных работ па вучэбных прадметах «Матэматыка», «Фізіка», «Біялогія», «Хімія», у экзаменацыйнай рабоце па вучэбным прадмеце «Матэматыка» на палях насупраць кожнага выкананага задання адзначаецца колькасць балаў, якімі ацэнены вынік выканання гэтага задання. Пасля рашэння апошняга задання запісваецца сумарная колькасць балаў за выкананне ўсіх заданняў, якія пераводзяцца ў адпаведную адзнаку. Адзнака запісваецца на адпаведным радку.

35. Вучні ІІ–ІV класаў выконваюць работу над памылкамі пасля кожнай работы ў тых жа сшытках, у якіх выконвалася адпаведная навучальная або кантрольная работа. Узор выканання работы над памылкамі дае настаўнік.

36. Вучнямі V–ХІ (XII) класаў работа над памылкамі выконваецца па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», «Русский язык», «Русская литература», «Мова нацыянальнай меншасці», «Літаратура нацыянальнай меншасці», «Фізіка», «Астраномія», «Хімія», «Біялогія», «Матэматыка» пасля правядзення настаўнікам аналізу выканання кантрольнай або найбольш значнай (па меркаванні настаўніка) навучальнай, практычнай, лабараторнай работы па адпаведным вучэбным прадмеце ў тых жа сшытках, у якіх выконвалася работа.

Па вучэбным прадмеце «Інфарматыка» тыповыя памылкі, дапушчаныя вучнямі пры выкананні кантрольнай работы, абмяркоўваюцца без выканання пісьмовай работы над памылкамі.

37. Выпраўленне памылак, дапушчаных вучнем, надпісванне правільнага варыянта, іншыя запісы ажыццяўляюцца ручкай з пастай чырвонага колеру. Памылкі, дапушчаныя пры выкананні работы над памылкамі, выпраўляюцца такім жа чынам, як і пры праверцы навучальнай або кантрольнай работы па адпаведным вучэбным прадмеце.

38. Па выніках праверкі работы над памылкамі па меркаванні настаўніка можа быць выстаўлена адзнака і занесена ў класны журнал і дзённік вучня.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.